В. Гапеев “Лёшкава каханне, або віртуальнае дрэва рэальнасці”


Зяткина Наталья Николаевна,
учитель белорусского языка и литературы
Государственного учреждения образования "Средняя школа № 19 г. Могилёва"
(Беларусь, г. Могилёв)


Рэцэнзія-паштоўка на кнігу 

В. Гапеева “Лёшкава каханне, або віртуальнае дрэва рэальнасці” 

“Калі ты патрэбны хоць аднаму чалавеку, можаш лічыць сябе шчаслівым”. (Г. Марчук) 

“Нішто так не навучыць, як усведамленне сваёй памылкі. Гэта адно з галоўных сродкаў самавыхавання”. (Томас Карлейль) 

Якое з гэтых выказванняў найбольш актуальна для падлетка, які шукае сябе ў свеце людзей? Не спяшайцеся адказваць, прачытайце спачатку апавяданне сучаснага беларускага пісьменніка Валерыя Гапеева “Лёшкава каханне, або віртуальнае дрэва рэальнасці”. 

Апавяданне здольна захапіць чытача сваім сюжэтам. Гэта твор пра 11-класніка, якога цікавіць толькі праграміраванне і які ўпершыню закахаўся ў дзяўчыну. Толькі іх знаёмства адбылося ў віртуальным свеце, у гэтым жа свеце героі і размаўляюць. Апавяданне напоўнена эмоцыямі і пачуццямі, якія чытач пражывае разам з героямі, якія сутыкнуліся з неразуменнем, расчараваннем, надзеямі, а галоўнае – з каханнем. Апавяданне мае нечаканую і моцную канцоўку, якая прымушае задумацца пра свае ўчынкі, здзяйсняючы якія, мы можам закрануць пачуцці другога чалавека. Таму, хто хоча лепш зразумець сябе і іншых людзей, варта прачытаць гэты твор. Добра, калі вам яго параіць прачытаць настаўнік літаратуры як твор для дадатковага чытання, але яшчэ лепш, калі вы бераце на сябе адказнасць за сваё развіццё і фарміруеце спіс літаратуры для чытання самі. 

І, безумоўна, перажыўшы эмоцыі і пачуцці галоўных герояў апавядання, вы зможаце пэўна адказаць на пытанне, якое прагучала ў самым пачатку рэцэнзіі.

Прочитать рецензию на русском языке можно здесь